ІЗАПРЭ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,

сінтэтычныя каўчукі, прадукты полімерызацыі ізапрэну. Найб. важныя стэрэарэгулярныя І.к., макрамалекулы якіх маюць 93—98% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі. Па мікраструктуры І.к. — аналагі каўчуку натуральнага.

Пры пакаёвай т-ры аморфныя рэчывы, шчыльн. 910—920 кг/м³. Крышталізуюцца пры ахаладжэнні ніжэй за 0 °C ці пры расцяжэнні. Раствараюцца ў вуглевадародах і іх галагенавытворных, серавугляродзе. Атрымліваюць полімерызацыяй ізапрэну ў растворы на каталізатарах Цыглера—Наты (комплексныя злучэнні тытану і алюміній-арган. злучэнняў) ці алюмініевых каталізатарах (напр.. метал. літый, літыйалкілы). Не патрабуюць пластыфікацыі, вулканізуюцца серай. Па асн. уласцівасцях вулканізаты падобны на гуму з натуральнага каўчуку. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, канвеерных стужак, рукавоў, гумавага абутку і інш.

М.Р.Пракапчук.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)